УКЛА́Д ГРАМА́ДСКА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ сістэма эканам. адносін, якая характарызуе грамадскую форму вытв-сці; тып гаспадарання з пэўнай формай уласнасці, спецыфічным кіраваннем. Сацыяльны бок У.г.-э. вызначаецца ступенню ўдзелу ўласніка, кіраўніка і працаўніка ў працэсе прымання гасп. рашэнняў. Паняцце «У.г.-э.» з’явілася ў марксісцкай тэорыі для характарыстыкі сац.-эканам. змен у ходзе пераходу ад аднаго тыпу грамадства да другога. Так, калі ў Сав. Расіі праводзілася адзяржаўленне ўсіх відаў уласнасці, вылучалася 5 У.-г.э.: патрыярхальны, дробнатаварны, прыватна-капіталістычны, дзярж.-капіталістычны і сацыялістычны; ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы пераважаў дзярж.-сацыялістычны ўклад (дзярж. сацыялізм). Пазней у СССР шматукладнасць у нар. гаспадарцы паступова знікала. У постсацыялістычных краінах пераход да рыначнай эканомікі характарызуецца фарміраваннем розных тыпаў гаспадарання, мноствам форм уласнасці і арганізацыйна-прававых форм прадпрыемстваў. У іх вылучаюць дзярж. формы гаспадарання, прыватныя (індывідуальныя і калектыўныя) і змешаныя; пашыраны кааператывы, акц. і інш. віды т-ваў.

М.​І.​Платніцкі.

т. 16, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)